РАСТО́ЎСКАЯ ФІНІ́ФЦЬ,

вырабы з металу, дэкарыраваныя эмалямі (фініфцю) і размаляваныя празрыстымі вогнетрывалымі фарбамі; рускі нар. маст. промысел. Існуе з 18 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. Эмаллю запаўняюць дробныя выемкі ці паглыбленні, створаныя тонкімі метал. перагародкамі, або наносяць, як і размалёўку, суцэльным слоем. У 18—19 ст. у тэхніцы Р.ф. выраблялі пераважна абразкі, партрэты і пейзажы. У канцы 19 ст. промысел заняпаў, адроджаны ў 1920-я г. Сучасныя майстры ф-кі «Растоўская фініфць». (В.​Салдатава, І.​Салдатаў, А.​Кокін, В.​Горскі, А.​Ціхаў, А.​Хауноў) вырабляюць пудраніцы, куфэркі, кулоны, завушніцы, брошкі і інш. Акаймаваныя ажурнай філігранню са светлага, цёмнага ці пазалочанага серабра, эмалевыя ўстаўкі аздабляюць акварэльна-празрыстай размалёўкай у выглядзе кветак, пейзажаў, мініяцюрных сюжэтных кампазіцый.

Літ.:

Кривоносов В.Г. Огненное письмо: Ростовская финифть. Ярославль, 1977.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Растоўская фініфць. А.​Хауноў, І.​Салдатаў, А.​Ціхаў. Брошкі. 1970.

т. 13, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)